ВУЛЬ Ялегі
Пранціш [сапр. КарафаКорбут Элегі Францішак Маўрыкіевіч; 9(21).4.1835—1880я гады]
Беларускі паэт. Нарадзіўся ў Віцебску ў сям'і дробнага чыноўніка. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. у 1856—62 працаваў пісарам у Віцебскай палаце дзяржаўных маёмасцей. За ўдзел у паўстанні 1863—64 разам з бацькам i братам сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыў у Варшаве, дзе з В.Каратынскім i А.Плугам стварыў беларускі гурток. Як паэт фарміраваўся пад уплывам А.ВярыгіДарэўскага. У 1859 упісаў у «Альбом» Вярыгі-Дарэўскага свой адзіны вядомы на бел. мове верш «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» — узор бел. грамадзянскай лірыкі сярэдзіны 19 ст., які яскрава выяўляе талент i дэмакратычныя пазіцыі аўтара. Ад імя прыгоннага беларускага селяніна Вуль вітаў творчасць i дзейнасць Вярыгі Дарэўскага,накіраваную на абарону i асвету працоўнага народа. Верш адметны дасканаласцю формы, паэтычнай сімволікай, натуральнасцю i чысцінёй мовы. Менш арыгінальны яго польскі верш «Няновая думка» (1859), таксама ўпісаны ў «Альбом».
Першапублікацыя верша "К дудару Арцёму ат наддзвінскага мужыка" адбылася ў "Нашай ніве" 9 лістапада 1912 г. Затым яго тэкст быў уключаны ў "Хрэстаматыю беларускае літаратуры" (1922) М. Гарэцкага, які заўважыў у "Гісторыі беларускае літаратуры", што Я. Вуль "меў немалыяпаэтычныя здольнасці, добра валодаў беларускім вершам і добра ўмеў мову" .
"Верш элеганцкі, лёгкі, надзвычай гарманічны, прасякнуты гістарычным аптымізмам, пачуццём удзячнасці да дэмакратычнай творчасці і асветніцкай дзейнасці Вярыгі. Аўтар віртуозна карыстаўся вельмі арганічнай у яго вуснах народнай мовай,тонка і ненавязліва ўводзіў паэтычную сімволіку… "Г. Кісялёў.