Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі — беларускі паэт.Біяграфічныя звесткі пра Ф. Тапчэўскага вельмі скупыя. Паходзіў са збяднелай шляхецкай сям'і. У фальварку Будзішча, які належаў Тапчэўскім (на мяжы з Лепельскім пав.), было ўсяго 30 дзесяцін зямлі і некалькі прыгонных «душ». Бацька памёр рана. Вялікую сям'ю ўтрымлівала маці, Тэкля Паўлаўна.Таленавіты паэт-дэмакрат Ф. Тапчэўскі праславіўся дасціпнымі гумарыстычнымі творамі, якія шырока разыходзіліся ў рукапісах. Часцей за ўсё ў іх апісваліся мясцовыя падзеі і асобы, але талент дапамагаў паэту нават у такіх выпадках улавіць тыповыя характэрныя рысы, рабіць значныя мастацкія абагульненні. Большасць сваіх твораў, якія не прызначаліся да друку, Ф. Тапчэўскі падпісваў псеўданімам «Хвэлька з Рукшэніц». Іх аўтографы не захаваліся. Рукапісная «Хрэстаматыя» Б. Эпімах-Шыпілы, земляка Тапчэўскага, данесла да нас яго наступныя вершы: «Саўсім не тое, што было» (з аўтарскай паметай: Ухвішчы, 1890), «Грошы і праца» (з такой жа паметай), «Ён і яна» (перапісана Эпімах-Шыпілам у 1890), «Вечарынка» (з паметай: «Апісанне балю, адбытага ва Ухвішчы. Паніч-барон Эрдман; пан у акулярах-Шырын»), «Панскае ігрышча» (перапісана Эпімах-Шыпілам у 1889, у тым жа годзе надрукавана ў «Виленском вестнике» I. Сіроткам; твор пашыраўся пад псеўд. Юрка, прыпісваўся таксама іншым аўтарам, асабліва настойліва А. Гурыновічу). 3 эстэтычнай канцэпцыяй «Панскага ігрышча» спрачаўся Ф. Багушэвіч, змясціўшы «Адказ» яго аўтару ў сваім «Смыку беларускім» (1894). Паэтычны талент Ф. Тапчэўскага вельмі блізкі да таленту аўтара паэмы «Тарас на Парнасе». Некаторыя даследчыкі нават мяркуюць, што Ф. Тапчэўскі быў аўтарам гэтага паэтычнага шэдэўра, але ў святле апошніх звестак паэма напісана ў 1855, калі Тапчэўскаму было ўсяго 17 гадоў. Таму лепш гаварыць пра тыпалагічную блізкасць, пра ўплыў аўтара паэмы на творчасць Ф. Тапчэўскага.
«Грошы і праца», «Саўсім не тое, што было», «Ён і яна», «Вечарынка», «Панскае ігрышча» — вершы, розныя па сваіх вартасцях і змесце, так ці інакш дапаўняюць нашы ўяўленні аб роднай літаратуры. Галоўнае, яны гавораць аб існаванні ў ёй паэтаў рознага творчага кірунку.
Развіццё капіталізму выклікала асаблівае ажыўленне грашовых звароткаў, што было нязвычным, нават незразумелым на першых часах і ў дваранскіх сем'ях. Памылковасць вываду Тапчэўскага ў вершы «Грошы і праца» аб тым, што грошы ў сучасным яму грамадстве не патрэбныя, «выдумка пустая», вяла за сабой ідэалізацыю мінулага:
Жылі ж людзі перад гэтым
І не зналі срэбра, злата,
Быў люд людам і свет светам,
Елі хлеб, і была хата.
Але ў той жа час паэт правільна разумеў і вельмі рэалістычна паказваў становішча мужыка:
Чыім лбом разбіты муры?
Хто разрыў валы, акопы?
Хто ж не драў мужыцкай шкуры?
Гдзе ж няма хамскай работы?
Верш «Грошы і праца» адзін з цікавейшых у Тапчэўскага. Гэта як бы адыход ад сентыментальнага захаплення гулямі паноў у вершах «Вечарынка» і «Панскае ігрышча», вершах, якія выклікалі пратэст Багушэвіча і паслужылі пачаткам беларускай літаратурнай спрэчкі ў XIX ст. Багушэвіч пісаў у прадмове да «Смыка беларускага»: «Чытаў я і так перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі «Панскае ігрышча», дзе Юрка надта дзівуецца і як бы завідуе панам тым, каторыя можа і больш ад Юркі таго працуюць, толькі, ведама, вучаныя, дык лягчэй і спарней. Я перапісаў і сюды (г. зн. у зборнік.— Р. С.) тое «Ігрышча», няхай выбачае пан Юрка, але дальбог аж злосць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я такі і чыркнуў яму «Адказ», але так думаю, што гэта ён, смяючыся з нашага цёмнага брата, напісаў...»