Жаўнер і паэт – гэтыя дзве іпастасі настолькі моцна спалучыліся ў асобе Антона Гарэцкага,
прадстаўніка польскамоўнай плыні літаратуры Беларусі ХІХ ст., што амаль цалкам абумовілі
спецыфіку яго творчасці. Ваярская тэматыка заўсёды займала асноўнае месца ў яго паэзіі, і сваё прызначэнне як змагара за незалежнасць і праўду А. Гарэцкі выявіў у самай першай байцы «Laur i cyprys» («Лаўр і кіпарыс»), напісанай у 1804 г. у Вільні, яшчэ да пачатку вайсковай кар’еры. Верагодна, з дапамогай вобраза лаўра, які расце на «могільніку, пакрытым слязьмі, крывёю, жалезам» (Gorecki 1858, 38), і бачыць бескарыснасць такога жыцця, паэт выяўляе ўласныя жаданні і імкненні:
Лепей у тых караніся краінах заўзята,
Дзе людзі вольна жывуць і ў другім бачаць брата.
Там чалавечнасць, любоў, абарона свабоды
Знойдуць у лаўра галінах сваю ўзнагароду (Гарэцкі 2009, 207).
Быць сведкам перамогі, вешчуном хвалы, у песнях якога знойдуць узнагароду і праслаўленне
найвыдатнейшыя змагары за чалавечнасць і свабоду, – такой бачыў сваю паэтычную місію
малады А. Гарэцкі. І выконваў гэтую задачу найперш у шматлікіх «легіёнскіх» вершах, прысвечаных напалеонаўскай тэматыцы. Падобныя творы ў літаратуры Рэчы Паспалітай даследчыкамі аб’яднаны ў асобную традыцыю, якая ўмоўна называецца «напалеонаўскай эпапеяй» (С. Віндакевіч), «паэзіяй легіёнаў» (Ю. Белінскі) або «жаўнерскай легендай» (А. Паходай).