пользователей: 30398
предметов: 12406
вопросов: 234839
Конспект-online
РЕГИСТРАЦИЯ ЭКСКУРСИЯ

26.Беларусь у перыяд грамадзянскай і савецка-польскай вайны

У лістападзе 1918 г. падчас адступлення нямецкіх войск была створана незалежная польская дзяржава, якая абапіралася на ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Па сутнасці гэта азначала вайну з Савецкай Расіяй, да якой польскае кіраўніцтва пры фінансавай падтрымцы буйнейшых заходніх краін было добра падрыхтавана. У снежні 1918 г. Польшча перайшла ў наступленне на беларускія і ўкраінскія землі. Да сакавіка 1919 г. польскія войскі акупіравалі шэраг беларускіх гарадоў, у тым ліку Ліду, Вільну, Гродна. Урад Літбел, які праводзіў жорсткую палітыку ваеннага камунізму (харчразвёрстка, палітычныя рэпрэсіі, адмова ад перадачы зямлі непасрэдна сялянам), не здолеў арганізаваць абарону. 1 чэрвеня 1919 года згодна з Дэкрэтам Усерасійскага ЦВК Савецкія Украіна, Беларусь, Літва і Латвія аб’ядноўваліся з Савецкай Расіяй для агульнай барацьбы з сусветным імперыялізмам. Уводзілася агульнае ваеннае камандаванне, аднак стрымаць польскае наступленне не ўдалося і аб’яднаным сілам. У жніўні 1919 г. быў захоплены Мінск. Восенню фронт усталяваўся на р. Беразіна-Днепр. Фактычна ЛітБелССР і БССР як яе частка перасталі існаваць.

На занятых тэрыторыях польскія акупанты праводзілі надзвычай жорсткую палітыку. Ліквідаваліся не толькі бальшавісцкія органы ўлады, але не дапускалася стварэнне мясцовых органаў улады БНР. Жорстка праследваліся і адны, і другія. Толькі ў некаторых кіраўнікоў БНР захаваліся ілюзіі адносна прызнання незалежнасці беларускай дзяржавы. Рада БНР раскалолася па пытанні супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Пад час перамоў дзеячаў БНР і польскіх уладаў апошнія згадзіліся прызнаць існаванне незалежнай БНР, але ў адказ урад БНР павінен падпісаць дагавор аб уваходжанні Беларусі ў склад Польскай дзяржавы. Такая “незалежнасць на 5 хвілін” незадаволіла большую частку склада Рады БНР, якая дзейнічала ў Мінску са згоды польскага акупацыйнага кіраўніцтва з 12 снежня 1919 года. Большасць на паседжаннях мелі беларускія эсэры (частка былой адзінай партыі – БСГ). Яны перавыбралі кіраўніцтва Рады – новыя лідары В.Ластоўскі, П.Крычэўскі, І.Мамонька і інш. заявілі аб вернасці III Устаўнай грамаце і выразілі пратэст супраць акупацыі Беларусі польскай арміяй.

Польскі ўрад не чакаў такога ад Рады БНР, таму яе разагналі, а партыю беларускіх эсэраў падверглі праследванням. Аднак трэба было легітымізаваць для сусветнай супольнасці інкарпарацыю Беларусі – таму ў сакавіку 1920 года была арганізавана з ліку некаторых дзеячаў БНР Найвышэйшая Рада (С.Рак-Міхайлоўскі, І.Серада, Я.Лёсік, А.Смоліч) якая 24 сакавіка 1920 г. падпісала дагавор аб уваходжанні Беларусі ў склад Польшчы. Супраць гэтага дагавору выступілі адзіным фронтам бальшавікі і эсэры. Менавіта апошнія арганізавалі антыпольскі сялянскі партызанскі рух і кіравалі ім. А ў Мінску ў студзені 1920 года на базе арганізацыі “Маладая Беларусь”, што дзейнічала з мая 1917 года ў Мінскім настаўніцкім інстытуце (кіраваў У.Ігнатоўскі) была ўтворана Беларуская камуністычная арганізацыя. Арганізацыя арганізоўвала барацьбу з польскімі інтэрвентамі, а далейшае Беларусі бачыла ў існаванні БССР у складзе федэратыўнай Расіі, і ў гэтым разыходзілася з беларускімі эсэрамі, якія імкнуліся да поўнай незалежнасці.

Да арганізаваных камуністамі і эсэрамі партызанскіх атрадаў пачалі далучацца прадстаўнікі іншых палітычных сіл. Распачатае вясной 1920 г. наступленне палякаў дазволіла ім захапіць шэраг беларускіх і ўкраінскіх гарадоў, аднак летам Чырвоная Армія пачала контрнаступленне, і да жніўня 1920 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята савецкімі вайскамі. Адначасова Савецкая Расія была вымушана пачаць супрацоўніцтва з буржуазным урадам Літвы – Тарыбай. 12 ліпеня 1920 года Савецкая Расія і Літва падпісалі дагавор, згодна з якім Літве перадавалася Віленская і Гродзенская губерніі з гарадамі Вільна, Гродна, Ліда, Вілейка, Ашмяны, Дзісна. Дагавор падпісалі без згоды з урадам БССР, і гэта было юрыдычным канцом ЛітБелССР. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята дэкларацыя, якая другі раз абвяшчала незалежнасць Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Часовая ўлада перадавалася Беларускаму рэвалюцыйнаму камітэту (старшыня – А.Чарвякоў), які павінен быў дзейнічаць да II з’езда Саветаў Беларусі. У жніўні 1920 г. польская армія здолела разбіць пад Варшавай Чырвоную Армію, перайсці ў наступленне і зноў заняць значную частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе паміж Украінай і Расіяй з аднаго боку і Польшчай з другога быў падпісаны дагавор аб перамір’і. Беларусаў зноў не запрасілі ўдзельнічаць у перамовах.

Падпісанне перамір’я не спыніла ваенных дзеянняў. Пры падтрымцы польскага боку ў лістападзе на тэрыторыю Беларусі ўвайшлі атрады пад кіраўніцтвам С.Булак-Балаховіча, які абвясціў сябе начальнікам Беларускай дзяржавы. Але пасля захопу Мазыра, Петрыкава, Калінкавіч гэтыя злучэнні былі разбіты намаганнямі Чырвонай Арміі. У лістападзе-снежні 1920 г. адбылося ўзброенае выступленне на Случчыне, удзельнікі якога выступалі супраць перадачы павета да БССР. Сяляне былі незадаволены празмернымі памерамі харчразвёрсткі. На павятовым з’ездзе, дзе большасць была ў мясцовых эсэраў, было вырашана аказаць узброенае супраціўленне Чырвонай Арміі. Адначасова на з’ездзе было зноў паднята пытанне аб аднаўленні беларускай дзяржаўнасці.

13-17 снежня 1920 года ў Мінску прайшоў II Усебеларускі з’езд Саветаў. На ім у Канстытуцыю былі ўнесены змяненні, зацверджана структура дзяржаўнай улады: вышэйшая ўлада належыла з’езду Саветаў, ЦВК – распараджальны орган з’езда, выканаўчая ўлада ў СНК рэспублікі. Была ўведзена дзяржаўная манаполія, зямля перадавалася сялянам, але часткова. Лепшыя панскія маёнткі аддаваліся пад арганізацыю саўгасаў. З’езд ратыфікаваў умовы Рыжскага пагаднення ад перамір’і і надаў Расійскаму ўраду права заключаць любые міжнародныя пагадненні ад імя БССР.

18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога Польшча атрымала заходнюю частку Беларусі з больш чым 4-мільённым насельніцтвам. Усходняя частка Беларусі апынулася ў складзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і РСФСР. Але Рыжскі мір не прызнаў урад БНР у эміграцыі. На палітычнай канферэнцыі 26-30 верасня 1920 года ў Празе дзеячы БНР абвінавацілі польскі ўрад у падзеле Беларусі і разгроме Беларускай Народнай Рэспублікі. На гэтай падставе адбылася часовая кансалідацыя беларускіх дзеячаў у эміграцыі.


хиты: 218
рейтинг:0
Гуманитарные науки
история
для добавления комментариев необходимо авторизироваться.
  Copyright © 2013-2024. All Rights Reserved. помощь