пользователей: 30398
предметов: 12406
вопросов: 234839
Конспект-online
РЕГИСТРАЦИЯ ЭКСКУРСИЯ

30.“Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Я. Баршчэўскага як мастацкі твор. Алегарычны змест і маральная праблематыка фантастычных казак і апавяданняў. Рамантычныя дамінанты прозы Я. Баршчэўскага і М. Гогаля (параўнальны аспект). “Шляхціц Завальня” ў беларускім літаратуразнаўстве.

“Шляхціца Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” справядліва называюць галоўнаю кнігаю Я. Баршчэўскага. Гэта паўнавартасны мастацкі (а не фальклорны або напаўфальклорны зборнік – як часта без усялякае аргументацыі сцвярджаецца ў нашым літаратуразнаўстве) твор, вобразна-выяўленчыя сродкі якога накіраваны на выяўленне беларускай нацыянальнай ідэі. Кампазіцыйна “Шляхціц Завальня” складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прытчаў, устаўных навелаў, лірычных адступленняў ды ўспамінаў. Звязваюцца яны пры дапамозе шырокавядомага са старажытнасці прыёму: асобаю слухача да каментатара апавяданняў шляхціца Завальні. Пэўнае значэнне ў кампазіцыйнай структуры твора адыгрывае і вобраз пляменніка пана Завальні – Янкі. А вось даручыўшы ролю асноўнага апавядальніка розным асобам – сялянам, падарожным, шляхціцам і нават цыгану, – пісьменнік мае мажлівасць пазнаёміць чытача з рознымі сацыяльнымі пластамі насельнікаў Беларусі, з іх уяўленнямі, настроямі, і ў той жа час паказаць, што асноўная ідэя твора выводзіцца з усяе сукупнасці апавяданняў, г. зн., любоў да роднага краю, да спрадвечных звычаяў ды традыцый уласціва прадстаўнікам усіх гэтых пластоў.

Выкарыстоўваючы творчы вопыт А. Міцкевіча, гнасеалагічную ды эстэтычную сістэмы рамантыкаў, Я. Баршчэўскі развівае “фальклорна-міфалагічную лінію” (В.А. Каваленка) вялікага ліцвінскага песняра. Як і А. Міцкевіч, Я. Баршчэўскі дзеля свае творчасці ўзяў не збор асобных тэкстаў – паданняў, легендаў, песняў, а ўсю вуснапаэтычную культуру народа – фальклор. Я. Баршчэўскі зразумеў, што менавіта там, у фальклоры, у першапачатковай чысціні захаваліся спрадвечныя ісціны, тое разуменне дабра і зла, якое характэрна для беларускага народа. У фальклоры Я. Баршчэўскі здолеў разгледзець светапоглядную сістэму свайго народа ды імкнуўся стварыць яе паэтычны эквівалент у “Шляхціцы Завальні”. Яго зварот да мінуўшчыны – гэта не імкненне ідэалізаваць яе. Гэта, у першую чаргу, разуменне таго, што менавіта там, у патрыярхальным ладзе жыцця знаходзяцца карані тых асноў, якія абумоўліваюць, прадвызначаюць экзістэнцыю народа. Для Я. Баршчэўскага і яго асяроддзя, што ўжо прайшло этап нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, гэты аспект быў надзвычай важны. Іхняя думка не згаджалася з тым, што народ, прадстаўнікамі якога яны з’яўляюцца, мусіць растварыцца ў масе суседняга народа. У разлік яшчэ не бралася мова: у той час здавалася неверагодным, што мова народа можа знікнуць. Істотнай лічылася страта нацыянальных звычаяў ды традыцый.

Адной з асноўных тэмаў “Шляхціца Завальні” з’яўляецца і тэма сацыяльнага пратэсту. Часцей у алегарычнай, аднак часам і ў адкрытай публіцыстычнай форме пісьменнік асуджае прыгнятальнікаў люду, “новых паноў”, што дзеля ўласнага дабрабыту шматкроць павялічваюць прыгон, забываюць пра міласэрнасць ды спагаду, зневажаюць ды кпяць з традыцый народа, які з’яўляецца асноўным захавальнікам нацыянальнага менталітэту. Рамантык Я. Баршчэўскі з уласцівай усім рамантыкам энергіяй адмаўляе новы грамадскі лад, які нясе яго народу не толькі пагаршэнне ўмоў жыцця, але і разбурэнне спрадвечных ісцін, нацыянальнага светапогляду, а, урэшце, і “знікненне” самога народа.


хиты: 396
рейтинг:0
Гуманитарные науки
литература
литературная теория
для добавления комментариев необходимо авторизироваться.
  Copyright © 2013-2024. All Rights Reserved. помощь