пользователей: 30398
предметов: 12406
вопросов: 234839
Конспект-online
РЕГИСТРАЦИЯ ЭКСКУРСИЯ

15.Жыццёвы і творчы шлях І. Легатовіча. Ідэйны змест эпіграм “Адказ хлопа”, “На вершаплёта”, “На скупога”, “На смерць оштрапа”.

Ігнат Легатовіч (1796–1867) нарадзіўся ў маёнтку Малая Капліца Гродзенскага павета ў шляхецкай сям’і. Атрымаўшы дыплом магістра Віленскага універсітэта (1817), працаваў выкладчыкам лацінскае мовы ў Мінскай гімназіі (1817–1839), школьным інспектарам ў Лепелі і Вілкаміры. У 1846 г., страціўшы зрок, пераехаў у Мінск, дзе заняўся рэпетытарствам і літаратурнаю творчасцю. Вершы і эпіграмы І. Легатовіча карысталіся вялікаю папулярнасцю ў тагачасным грамадстве. Паэт высмейваў і агульначалавечыя заганы, і непрыстойныя паводзіны ды ўчынкі канкрэтных асобаў. Эпіграмы І. Легатовіча скіраваны супраць зладзеяў, п’яніцаў, злосных жонак:

“Харон! Маю нядаўна перавёз ты жонку

Элеанору?” – “Так”. – “То дзе ўжо тая ведзьма?” –

“На Елісеях”. – “А ў якую мне старонку?” –

“Туды ж”, – сказаў Харон. – “То лепш у пекла едзьма”.

                                         (Пераклад У. Мархеля)

З’едліва іранізуе паэт са скупых

Хто болей бліжнім спрыяе,

Болей любві да іх мае,

Чымся скупец? Бог да раю,

Пэўна, яго ўжо залічыць:

Грошы жыццё ўсё збірае

Тым, хто яму смерці зычыць

               (Пераклад К. Цвіркі)

і графаманаў

– Вой, вой! Дом мой абабралі!

– Ах, шкадую, пан цябе я.

– Вершы ўсе мае пакралі!

– Ах, як шкода мне зладзеяў!

                     (Пераклад К. Цвіркі)

“Асаблівы рахунак выстаўляў ён дактарам праз шматварыянтнае раскрыццё вобраза эскулапа, лячэнне якога не толькі спустошвае кішэню хворага, але і скарачае яго чалавечы век. Тут, найхутчэй, выявіўся горкі жыццёвы вопыт паэта: страціўшы зрок, ён доўга і безвынікова спрабаваў вярнуць яго з дапамогаю медыцыны”:

Павел-лекар без сумнення

Не жыве з таго ўжо лета;

Ён памёр, як збаўца света,

Дзеля нашага ўцалення.

     (Пераклад У. Мархеля)

Самым вядомым творам І. Легатовіча была эпіграма на смерць жорсткага прыгонніка маршалка Мінскае губерні Леана Оштарпа:

Са смерцю Оштарпа

усё інакшым стане:

Панове кінуць піць,

Пачнуць есці сяляне.

  (Пераклад К. Цвіркі)

Сацыяльны аспект з’яўляецца асноўным і ў эпіграме “Адказ хлопа”:

Лямпы ўсе гараць: да пеўняў

Зноў банкет у пана, пэўне,

У палацы – скрыпак зыкі,

Жарты, радасныя ўсклікі,

Скокі, тосты, а задзіры

Унь салют даюць з марціры.

“Хлоп, з якой той баль прычыны?

Там вяселле? Імяніны?”

Хлоп жа, бледны, абадраны,

У адказ: “Фэст гэткі ў пана

Кожны дзень: з заморскіх чашаў

За здароўе там п’юць наша".

                  (Пераклад К. Цвіркі)

Пэўна, антыпрыгонніцкі пафас дадзеных твораў І. Легатовіча стаўся тою акалічнасцю, якая звязала асобу паэта з ананімна надрукаваным у альманаху Адама Пянькевіча “Bojan” (1838) вершам “Скажы, Вяльможны Пане…”

– Скажы, Вяльможны Пане,

Шчо в нашым будзе стане?

Бо мне не што ш казалі,

Што вы неслушне давалі

У марцу подымнэго?

– A tobie, chłopie, co do tego?

– Правда што вы панамі,

Покуль жывеце над намі!..

Але шчо з того будзе?

Колі станем на судзе?

Не скажэш, пане, тэго:

Co tobie, chłopie, do tego.

“Яго змест вельмі паказальны: у ім заключаецца нібы кароткі пераказ пазнейшай беларускай літаратуры, якая дзесяцігоддзямі будзе асвятляць выключна дачыненні селяніна да шляхты”, – пісаў польскі вучоны Юзаф Галомбак, сцвярджаючы ўслед за Раманам Суніцаю (Рамуальдам Зямкевічам) аўтарства І. Легатовіча. Аднак прыняўшы пад увагу шматлікія недакладнасці ў працах Р. Зямкевіча, можна ўсумніцца ў гэтым. Сапраўды, выдавец “Bojana” А. Пянькевіч (1811–1879) у трыццатыя гады яшчэ не меў стасункаў з мінскімі літаратарамі. Закончыўшы (1837) Віленскую медыка-хірургічную акадэмію, ён заняўся літаратурна-выдавецкаю дзейнасцю. Кола яго знаёмых нешматлікае: у асноўным гэта блізкія на радзіме, віленская інтэлігенцыя, студэнты. (Прозвішчы апошніх, у тым ліку і Ф. Савіча, сустракаюцца ў спісе падпісчыкаў на сямітомнік А. Пянькевіча “Wybór poezyj z pisarzów polskich”. Wilno, 1835–1837). Дык мажліва, што верш “Скажы, Вяльможны Пане…” быў напісаны нейкім з сяброў Дэмакратычнага таварыства, атмасфера якога больш чым спрыяла нараджэнню такіх радкоў. Апрача таго, у Вільні жыў літаратар і паэт ксёндз Людвік Трынкоўскі, антыпрыгонніцкія творы якога шырока вядомы. Цікава, што менавіта Л. Трынкоўскаму паказваў Ф. Савіч свае вершы. Адносна забароны і канфіскацыі альманаха, здаецца, няма канкрэтных матэрыялаў. Хутчэй за ўсё другая частка “Bojana” не выйшла па фінансавых прычынах. Так, на першы томік падпісаліся 72 асобы (увесь наклад склаў 75 экзэмпляраў), а г. зн. падпіска не пакрывала выдаткаў на выданне. Дык, як часта было ў тыя часы, выдаваць наступныя, нават падрыхтаваныя часткі не мела сэнсу.

 


хиты: 254
рейтинг:0
Гуманитарные науки
литература
литературная теория
для добавления комментариев необходимо авторизироваться.
  Copyright © 2013-2024. All Rights Reserved. помощь